Літаратурная сустрэча «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль», прысвечаная Дню маці і Тыдню бацькоўскай любові адбылася ў актавай зале абласной бібліятэкі 16 кастрычніка. У дадзеным мерапрыемстве прынялі ўдзел загадчык бібліятэкі установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж» Лешчук Алена Васільеўна, выхавальнік інтэрната №1 Гуркіна Марыя Пятроўна, выхавальнік інтэрната №2 Касцючэнка Рыта Станіславаўна і некалькі жыхароў інтэрнатаў установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж». Свае творы і віншаванні гасцям падарылі паэты, празаікі, крытыкі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Літаратурную сустрэчу адкрыў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Казека. Ён нагадаў, што 2024 год адзначаны 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Распавёў ён і аб сваёй маці, якая яшчэ ў юным узросце перажыла трагедыю "вогненнай вёскі" Боркі, здолела ў любові выхаваць пецярых дзяцей.
Тэму салдацкіх маці прадоўжыў сямейны дуэт маці і дочкі. Вершы беларускіх пісьменнікаў А.Куляшова і М.Танка чыталі выкладчык беларускай мовы і літаратуры УА «Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж» Таццяна Уладзіміраўна Яфімава і вучаніца 7 "Б" класса ДУА «Сярэдняя школа № 35 г.Магілёва» Марыя Яфімава.
Аб жыцці сваёй маці, аб цяжкай вясковай працы распавяла Валянціна Фёдараўна Габрусева – якая сама стала ўжо не толькі мамай і бабуляй, але і прабабуляй. У вершах паэткі прагучалі матывы вяртання ў юнацтва і дзяцінства, адчування далікатнага матчынага клопату.
Паэтка, празаік, сцэнарыст Алёна Пруднікава (Беланожка) ў сваіх вершах нагадала аб тым, як важна не забываць пра маці сярод жыццёвых клопатаў.
Пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2024 Віктар Кунцэвіч нагадаў, што традыцыйна ў Беларусі адзначаецца Тыдзень бацькоўскай любові, які завершыцца 21 кастрычніка Днём бацькі, адзначыў важнасць захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей. І, вядома ж, шчыра павіншаваў ўсіх прысутных са святам.
Выступленне старшыні Магілёўскага абласнога маладзёжнага крыла ГА «Беларускі саюз жанчын», спецыяліста па рабоце з моладдзю адкрытага акцыянернага таварыства «Бабушкіна крынка» Марыі Самусенка пачалося са слоў удзячнасці сваім бацькам, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Распавяла яна аб тым, як натхняе мацярынства і як яно ўплывае на яе жыццё і прызналася, што самымі шчаслівымі днямі ў яе жыцці былі дні нараджэння дзяцей. Да марафону віншаванняў далучыліся і жыхары інтэрнатаў установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж».
З вялікай павагай і любоўю да маці гучалі творы ў выкананні навучэнцаў устаноў адукацыі горада, якія прынялі ўдзел у адкрытым мікрафоне.
Шмат добрых слоў і вершаў у гонар матуль і бабуль прагучала на сустрэчы.
18.10.2024